Добры дзень, паважаныя героі Перамогі!
Усяго некалькі дзён аддзяляюць нас ад галоўнага свята ўсяго беларускага народа – Дня Перамогі. У горадзе-героі Мінску адбудзецца галоўнае мерапрыемства – ваенны парад. Па сталічных вуліцах праедзе сучасная баявая тэхніка, роўнымі радамі пад гукі маршаў пройдуць абаронцы нашай Радзімы. Назіраць за гэтым шэсцем збяруцца тысячы людзей, а на самых ганаровых месцах ў першых радах утульна размесцяцца сівавалосыя ветэраны ў параднай форме. Нават калі не будзе сонца, усё роўна вочы будзе сляпіць бляск іх незлічоных медалёў і зорак.
Мы, праўнукі ваеннага пакалення, з зайздрасцю паглядаем на ветэранаў, а вы, сціплыя, чамусьці не адчуваеце сябе героямі. Калі пачынаеце ўспамінаць Вялікую Айчынную вайну, з вачэй мімаволі выкочваюцца слязінкі. Шаноўныя героі Перамогі, я не хачу лішні раз турбаваць вашу памяць, баявыя і сардэчныя раны, таму і вырашыла напісаць ліст, выказаць словы падзякі героям – вызваліцелям, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, салдатам Перамогі.
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны Вы былі нямногім старэйшыя за мяне. Думаю, з ахвотай вучыліся ў школе, мелі шмат сяброў, выношвалі крылатыя мары, але вялізныя чорныя крылы вайны засланілі неба, не далі магчымасці вашым марам узляцець. Маладому, прыгожаму, таленавітаму юнаку давялося ўзяць у рукі зброю, абараняць нашу родную зямлю і сонечнае неба. Вялікі дзякуй вам, воіны, героі Перамогі! Дзякуй за шчаслівае дзяцінства, за прыгожыя цацкі і цікавыя кнігі, за росныя раніцы і птушыныя спевы. Гэта дзякуючы Вам, я вучуся ў дзяржаўнай установе адукацыі “Гімназія г. Светлагорска”, са мной працуюць добрыя настаўнікі, я падарожнічаю, займаюся спортам. Нізка кланяюся і віншую вас са святам Вялікай Перамогі.
З павагай Панцялеева Аліна, вучаніца 5 “Б” класа ДУА “Гімназія г. Светлагорска”