Якая прыгожая назва ў нашай краіны - Беларусь! А яшчэ мы завём яе - Радзіма. А яшчэ - Бацькаўшчына.
Радзіма - бо тут мы нарадзіліся, бо яна нам самая родная з усіх краін ва ўсім свеце. Поле, лес, рэчка, возера, зямля, па якой мы ходзім, веска ці горад, у якім мы жывем, - гэта Радзіма.
Наша зямля завецца таксама Бацькаўшчына - бо яна засталася нам ад нашых бацькоў. А ім ад іх бацькоў - нашых дзядоў. І так - аж ад самых далекіх продкаў.
Найвялікшы скарб Беларусі - гэта людзі. Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч пісаў пра іх так: "Жывы, разумны, працавіты і вольналюбівы беларускі народ! Беларус адрозніваецца шчодрасцю, гатоўнасцю заўсёды прыйсці на дапамогу ў бядзе".
Побач з беларусамі жывуць у нашых гарадах і весках рускія, палякі, украінцы, літоўцы, яўрэі, татары, выхадцы з іншых краін. Усе мы - грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Так завецца наша шматнацыянальная дзяржава.