A A A Ц Ц Ц Ц

ШРИФТ:

Arial Times New Roman

ИНТЕРВАЛ:

х1 х1.5 х2

ИЗОБРАЖЕНИЯ:

Черно-белые Цветные

9 снежня 2016 года спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча, беларускага паэта, празаіка, публіцыста, літаратурнага крытыка.

Максім Багдановіч - з'ява ў беларускай літаратуры фенаменальная. Яго творчасць з самага пачатку знаходзілася ў руху, імкненні да новага. Ва ўсім, да чаго ні звяртаўся б паэт, ён імкнуўся знайсці свой уласны шлях, сваю дарогу, адкрыць сваё творчае "я", вызначыць сваю меру прыгожага. Да гэтай мэты Максім Багдановіч быў падрыхтаваны сваім жыццём, адукацыяй, выхаваннем, асаблівасцямі паэтычнага таленту.

Нарадзіўся Максім Адамавіч Багдановіч 9 снежня 1891 года ў Мінску на вуліцы Александроўскай у доме паблізу Свіслачы. Выхоўваўся ён у культурнай, адукаванай сям'і. Яго бацька, Адам Ягоравіч, быў вядомым этнографам, фалькларыстам, мовазнаўцам. Маці паэта, Марыя Апанасаўна Мякота, была настаўніцай па адукацыі. Акрамя Максіма ў сям'і было яшчэ трое дзяцей: сыны Вадзім і Леў і дачка Ніна.

Нядоўга жыла сям'я Багдановіча ў тым доме. Праз нейкія паўгода Багдановічы ўжо былі ў Гродне, дзе галаве сям'і было прапанавана месца ў Сялянскім пазямельным банку. Тут побач з маці і братамі прайшлі самыя шчаслівыя гады дзяцінства Максіма.

І, напэўна, усё сваё неймаверна кароткае, але дзіўна яркае жыццё Максім і пражыў бы ў Беларусі, на роднай зямлі, калі б не смерць маці. Марыя Апанасаўна памерла ў 1896 годзе ва ўзросце 27 гадоў. Бацьку перавялі ў Ніжні Ноўгарад. Выхаваннем дзяцей спачатку займалася іх цётка Марыя Ягораўна, а затым другая жонка бацькі Аляксандра Паўлаўна Волжына - родная сястра жонкі Максіма Горкага - Кацярыны Паўлаўны. Але і яна таксама ў хуткім часе памерла. Пасля яе смерці дзяцей выхоўвала родная сястра маці Аляксандра Апанасаўна Мякота, якая ў далейшым стала жонкай Адама Ягоравіча.

Сяброўскія і сваяцкія адносіны з Максімам Горкім, багатая культурная спадчына Ніжняга Ноўгарада садзейнічалі фарміраванню поглядаў і густаў Максіма Багдановіча, абуджэнню ў ім імкнення да мастацкай творчасці. Прыблізна ў 10-11 гадоў будучы паэт паспрабаваў пісаць на беларускай мове, якой авалодаў самастойна, чытаючы беларускія кнігі з бацькоўскай бібліятэкі.

Творчая дзейнасць Максіма Багдановіча пачалася ў няпоўныя 16 гадоў. Тады, у 1907 годзе, віленская газета "Наша Ніва" апублікавала яго першы твор "Музыка". Гэта было кароткае апавяданне, у якім аўтар выказваў свой погляд на мастацтва. У 1908 годзе ў той жа газеце былі апублікаваны і яго першыя вершы "Прыйдзе вясна", “Над магілай”, у якіх аўтар пазначыў месца напісання: Ніжні Ноўгарад.

У сувязі з пераводам Адама Ягоравіча на новае месца работы ў чэрвені 1908 года сям'я Багдановічаў пераехала ў Яраслаўль. Максіма перавялі ў шосты клас яраслаўскай гімназіі. Прыблізна з вясны 1909 года ў юнака ў лёгкіх пачаў развівацца сухотны працэс. У тым жа годзе Адам Ягоравіч адвёз сына на лячэнне ў Крым. Захапленне паўднёвым краем, новае кола знаёмых - усё гэта паўплывала на рамантычны настрой Максіма.

Нягледзячы на хваробу, гады вучобы ў гімназіі былі плённымі ў творчасці Максіма Багдановіча. Газета "Наша Ніва" перыядычна друкавала яго вершы, у газеце "Голос" публікаваліся нататкі, рэцэнзіі, фельетоны, крытычныя артыкулы. У 1909 годзе на творы Максіма Багдановіча звярнуў увагу Сяргей Палуян - супрацоўнік газеты "Наша Ніва", вядомы публіцыст і крытык. Ён адыграў значную ролю ў творчым лёсе маладога паэта. У газеце "Наша Ніва" лічылі вершы Максіма Багдановіча "дэкадэнцкімі", і яны захоўваліся ў архіве рэдакцыі, але Сяргей Палуян дамогся іх публікацыі.

У 1911 годзе Максім Багдановіч скончыў гімназію і наведаў Вільню. Тут ён пазнаёміўся з братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім, Браніславам Эпімах-Шыпілам. Па прапанове Луцкевічаў паэт некаторы час гасцяваў у іх сваяка ў фальварку Ракуцёўшчына недалёка ад Маладзечна, дзе працаваў над цыкламі вершаў "Старая Беларусь", "Места", напісаў вершы, якія склалі цыклы "Згукі Бацькаўшчыны", "Старая спадчына", а таксама стварыў вершаваныя апавяданні "У вёсцы", "Вераніка". Восенню таго ж года Максім Багдановіч у Яраслаўлі паступіў у Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй, які скончыў у 1916 годзе.

У 1913 годзе выходзіць прыжыццёвае выданне твораў Максіма Багдановіча "Вянок". У 1914 годзе паэта прымаюць у паўнапраўныя члены "Усерасійскага таварыства дзеячаў перыядычнага друку і літаратуры". Аднак цяжкая хвароба ўсё часцей прыпыняе творчую работу. Пераадольваючы яе жорсткія праявы, паэт піша паэму "Максім і Магдалена", цыкл "На ціхім Дунаі" і іншыя творы.

У кастрычніку 1916 года, скончыўшы юрыдычны ліцэй, Максім Багдановіч пераехаў у Мінск, дзе ўладкаваўся на работу ў губернскі харчовы камітэт. Тут у 1915 годзе быў арганізаваны Камітэт дапамогі ахвярам вайны, дзе Багдановіч працаваў разам з беларускай пісьменніцай Людвікай Войцік, вядомай пад літаратурным псеўданімам Зоська Верас. Рабоце паэт аддаваў шмат сіл і часу, а ўвечары садзіўся пісаць. У гэты час Максім Багдановіч напісаў такія знакамітыя творы, як "Страцім-лебедзь" і "Пагоня".

Што датычыцца асабістага жыцця паэта, вядома, што першым каханнем Максіма была Ганна Какуева - родная сястра яго гімназічных сяброў. Яна вучылася ў кансерваторыі ў Санкт-Пецярбургу і прыязджала ў Яраслаўль, дзе жылі Багдановічы, толькі на лета. Лічыцца, што "Зорку Венеру" Максім прысвяціў менавіта Ганне, а радкі "Але расстацца нам час наступае; Пэўна, ўжо доля такая у нас..." якраз аб гэтых кароткіх летніх сустрэчах. Але, на жаль, пачуцці Максіма дзяўчына не падзяляла і ўзяла шлюб з яго гімназічным сябрам Іванам Лілеевым. Але Максім Багдановіч быў захопленай, рамантычнай натурай, якая не магла жыць без крыніцы натхнення. Пасля няшчаснага кахання да Ганны Какуевай Максім захапіўся сваёй стрыечнай сястрой Ганнай Гапановіч. Пазней, на лячэнні ў Крыме, 18-гадовы Максім сустрэў яшчэ адну дзяўчыну, якую сам паэт уяўляў як асобу містычна настроеную - М.А.Кіціцыну. Але самыя моцныя ўзнёслыя перажыванні Максіма звязаны з Клавай Салтыковай. Калі ён лячыўся ў Старым Крыме ў 1915 годзе, Клава таксама лячылася ад сухотаў. Аб тых адносінах застаўся рукапіс, які дагэтуль цалкам не расшыфраваны. Яго яраслаўскія сябры ў сваіх успамінах прызнаваліся, што гэта каханне прынесла яму больш мучэння і душэўных пакут, чым узвышаных пачуццяў. І нават падарвала яго і без таго слабае здароўе.

У Максіма Багдановіча было шмат планаў, але ажыццявіць гэтыя намеры ён не змог. Лячэнне не дапамагло паэту, і 25 мая 1917 года ў дваццаціпяцігадовым узросце Максім Багдановіч памёр. Пахавалі яго на гарадскіх могілках у Ялце. Сярод папер, знойдзеных пасля смерці паэта, была кніга з кароткім вершам, які беларускі класік напісаў перад самай смерцю. Гэта ўнікальнае своеасаблівае перадсмяротнае прызнанне: Ў краіне светлай, дзе я ўміраю, У белым доме ля сіняй бухты, Я не самотны, я кнігу маю З друкарні пана Марціна Кухты.

Роля і значэнне Максіма Багдановіча ў развіцці беларускай мастацкай літаратуры, у нацыянальным і духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі. Паэзія Максіма Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. Шматлікія творы паэта пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі. Некаторыя з іх - "Зорка Венера" і "Слуцкія ткачыхі" - сталі, па сутнасці, народнымі песнямі. Па матывах жыцця і творчасці Максіма Багдановіча кампазітар Юрый Семяняка стварыў оперу "Зорка Венера".

Максім Багдановіч з'яўляецца адным з зачынальнікаў гісторыі беларускай літаратуры. Ён аўтар "Кароткай гісторыі беларускай пісьменнасці да XVI стагоддзя", "Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры".

Творы беларускага паэта перакладзены на два дзясяткі моў свету (сярод іх такія распаўсюджаныя, як англійская, іспанская, нямецкая, польская, руская, украінская, французская) і публікаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Расіі, Францыі, Югаславіі і іншых краінах.

Памяць Максіма Багдановіча ўвекавечана ў назве вуліцы Мінска. Вуліцы яго імя ёсць таксама ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце і іншых населеных пунктах.

У Мінску ў скверы на плошчы Парыжскай Камуны, перад тэатрам оперы і балета, устаноўлены помнік Максіму Багдановічу ў выглядзе бронзавай статуі паэта вышынёй 4,6 метра. Паэт паказаны з перакрыжаванымі на грудзях рукамі, у правай руцэ букет васількоў - кветак, услаўленых у яго паэзіі. Аўтары помніка - скульптар Сяргей Вакар, архітэктары Юрый Казакоў, Леанід Маскалевіч. Месца для помніка выбрана невыпадкова - праз вуліцу стаяў дом, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч. Унізе размяшчалася першая гарадская пачатковая школа, якой у 1885-1891 гадах загадваў бацька паэта Адам Ягоравіч. На другім паверсе жыла сям'я. Сам дом згарэў у апошнюю вайну, фундамент выкарыстоўвалі для іншага будынка.

Устаноўлены помнік паэту і ў Яраслаўлі, у скверы каля ўвахода ў галоўны корпус Дзямідаўскага ўніверсітэта. Яго аўтарам таксама з'яўляецца скульптар Сяргей Вакар. У 1957 годзе пастаўлены бюст паэта ў Місхоры, на тэрыторыі санаторыя "Беларусь" на плошчы каля фантана.

У Мінску ў Траецкім прадмесці 23 ліпеня 1981 года быў заснаваны адзін з самых прыгожых музеяў беларускай сталіцы - літаратурны музей Максіма Багдановіча. Група мастакоў і музейных супрацоўнікаў творча працавала над стварэннем экспазіцыі музея, якая была адкрыта для наведвальнікаў 8 снежня 1991 года да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У доме, які пазбаўлены мемарыяльнасці, з дапамогай экспанатаў і мастацкіх прыёмаў адноўлены непаўторны паэтычны свет паэта і яго жыццёвы шлях. Сярод самых каштоўных экспанатаў музея - чатыры зборнікі "Вянок", арыгінальныя фатаграфіі, рукапісны зборнік вершаў "Зеленя", некалькі аўтографаў. Кожны год 25 мая супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча адзначаюць Дзень памяці паэта. Акрамя таго, кожнае лета ў вёсцы Ракуцёўшчына, дзе размешчаны філіял музея, праходзіць свята паэзіі "Ракуцёўскае лета", прысвечанае памяці Максіма Багдановіча.

Музей Максіма Багдановіча ёсць і ў Гродне. Заснаваны ён у 1986 годзе як літаратурны аддзел Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея ў доме, у якім жыла сям'я Багдановічаў. У 1995 годзе ён быў пераўтвораны ў самастойную ўстанову культуры "Музей Максіма Багдановіча".

Імя Максіма Багдановіча носіць і Дом-музей у Яраслаўлі, створаны ў 1991 годзе ў выніку рэалізацыі расійска-беларускага праекта. Мемарыяльны дом-музей размешчаны ў будынку, дзе з 1912 па 1914 год жыла сям'я Багдановічаў. З 1995 года музей атрымаў статус Цэнтра беларускай культуры.

100-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча было адзначана ў каляндарным спісе ЮНЕСКА "гадавіны выдатных асоб і падзей" на 1991.

На працягу ўсяго 2016 года, Года культуры, у бібліятэках краіны праходзіў цыкл мерапрыемстваў у рамках акцыі "Чытаем Багдановіча разам".

Зорка Максіма Багдановіча - адна з самых яркіх зорак на паэтычным небасхіле Беларусі. Ён пражыў нядоўгае жыццё, але за гэты час паспеў зрабіць для беларускай літаратуры так шмат, як ніхто іншы.

По материалам blr.belta.by